ПАЎДНЁВА-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна ў паўд.-ўсх. частцы Індыйскага ак., на Пд ад Аўстраліі. На Пн і ПнУ абмежавана мацерыковым схілам Аўстраліі, на Пд — Аўстрала-Антарктычным падводным падняццем. Даўж. каля 2400 км, шыр. больш за 900 км, пераважаюць глыбіні каля 5000 м, найб. 6019 м (у зоне разлому Дыямантына). Усх. ч. катлавіны — плоская абісальная раўніна, у паўн.-зах. ч. дно расчлянёна глыбокімі жалабамі і хрыбтамі. Донныя асадкі — чырвоныя гліны, месцамі з жалеза-марганцавымі канкрэцыямі, уздоўж паўн. і ўсх. ускраін — фарамініферавыя ілы.
т. 12, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)